Отчётный концерт класса хореографии Бешенковичской школы искусств

Мы -- молодые

Душа радуецца і спявае, на вуснах ззяе ўсмешка і хочацца рабіць без усялякай прычыны хоць невялікія, але прыемныя падарункі родным. Не дзіва, што настрой ва ўсіх быў такі святочны, бо навучэнцы класа харэаграфіі Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў падрыхтавалі бацькам, бабулям і дзядулям асаблівы падарунак – справаздачны канцэрт, які адбыўся ў раённым цэнтры культуры.
На працягу года дзеці старанна працавалі, пераадольвалі цяжкасці. Дні і месяцы самаўдасканальвання не прайшлі дарэмна. Юныя, але таленавітыя і такія непасрэдныя, абаяльныя, яны здзіўлялі і ўражвалі, захапляючы сваім майстэрствам. Яркія касцюмы, шчаслівыя дзіцячыя вочы і прамяністыя ўсмешкі – усё стварала асаблівую атмасферу прыгажосці і супакоенасці. З якім імпэтам гэтыя маленькія зорачкі танцавалі! З якім натхненнем! Нібыта ў сапраўдным творчым палёце, артыстычным і кранальным. За кожнай харэаграфічнай пастаноўкай – цікавая гісторыя з вучнёўскага жыцця, што адкрывае гледачам фантазіі, жаданні, мары… «На прышчэпку» – пра тое, як першы клас ішоў на ўколы першы раз. «Мядок» – танец пчолак-працаўніц, гарэзны «Мікі Маус», шчымліва-трапяткі ваенны, палымяны цыганскі і шмат-шмат іншых, у тым ліку стыльны вог – адзін з самых модных зараз танцавальных напрамкаў. Назвы кажуць самі за сябе: «Прафесар», «Карнавал», «Хуліганы» і г. д. Юныя танцоры  вабілі гледачоў у дзівосны свет музыкі і танца, непаўторны свет дзяцінства, пакаралі пластычнасцю рухаў, вытанчанасцю.
Бліскучы поспех мелі трыа баяністаў, а таксама сольныя выступленні Ганны Інчынай, Дзіяны Водневай і Анастасіі Раманавай, якіх зал сустракаў бурнымі апладысментамі.
За ўсімі гэтымі дасягненнямі выхаванцаў школы мастацтваў – высокі прафесіяналізм, карпатлівая праца іх настаўнікаў – Аліны Казіміраўны Пяткевіч, Валянціны Аляксандраўны Жукавай і Юліі Аляксандраўны Максімовіч. У той дзень педагогі таксама выйшлі на сцэну, яны прымалі кветкі і шчырыя віншаванні. Словы ўдзячнасці, цёплыя, сардэчныя, самыя-самыя – найлепшая ўзнагарода настаўнікам, што вучаць моладзь заўсёды самаўдасканальвацца, бо творчыя вяршыні пакараюцца працавітым і мэтанакіраваным, тым, хто не баіцца цяжкасцяў і перашкод. Наогул жа кожны чалавек па-свойму таленавіты і адораны, трэба толькі своечасова гэта заўважыць і развіць. Яшчэ старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат у свой час гаварыў: «У кожным чалавеку – сонца. Толькі дайце яму свяціць». На небасхіле талентаў Бешанковіцкай ДШМ штогод запальваюцца маленькія зорачкі, напаўняючы сэрцы людзей святлом і цяплом.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *