Бешенковичи посетил председатель Витебского областного Совета депутатов В.В. Терентьев

Актуально Главное

У мінулую пятніцу Бешанковічы наведаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьеў. Рабочым візіт Уладзіміра Уладзіміра-віча на Бешанковіччыну нават не назавеш, кіраўнік дэпутацкага корпуса паўночнага рэгіёна краіны прыехаў да нас хутчэй у пошуках адказаў на актуальныя ў цяперашні час пытанні.

Першымі, з кім пагутарыў У. У. Цярэнцьеў, сталі вучні СШ №1 райцэнтра. Уладзімір Уладзіміравіч і старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч пабывалі на занятку, які праводзіўся ў рамках праекта «Школа актыўнага Грамадзяніна». Разумеючы, што падлеткам, поўным жыцця і энергіі, пасля некалькіх урокаў наўрад ці хацелася слухаць якія-небудзь павучанні, госці прапанавалі пагутарыць не на збітыя тэмы, а пра ўнікальнасць нашага часу. І гэтым здолелі зацікавіць старшакласнікаў, утрымаць іх увагу.

Чаму сёння моладзь імкнецца ў вялікія гарады? Чаго ім не хапае на сваёй малой радзіме? Разважалі над гэтымі злабадзённымі пытаннямі ўсе разам. Лізавета, вучаніца 10 класа, напрыклад, не хавала, што ў будучыні хацела б жыць і працаваць у Мінску, аргументаваўшы сваё жаданне тым, што, маўляў, у раёне для маладых людзей няма перспектыў. У сталіцы ж добрыя заробкі, усе ўмовы для кар’ернага росту, прыцягвае і больш развітая інфраструктура, магчымасць мець зносіны з цікавымі людзьмі…

Пераконваць школьніцу ў адваротным Уладзімір Уладзіміравіч не стаў, бо кожны мае права на ўласнае меркаванне. Але свой пункт гледжання ўсё ж агучыў. І зводзіцца ён да таго, што як прафесіянальна, так і асобасна чалавек можа рэалізавацца не толькі ў сталіцы. Ды і пра ўсім вядомую прыказку «Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» забываць не варта. Многія дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, палітыкі, вучоныя пачыналі працоўны шлях менавіта ў малых гарадах. Уладзіміру Уладзіміравічу ў свой час давялося папрацаваць у Мінску, ён займаў высокія пасады, была перспектыва атрымаць міністэрскую пасаду, але ўсё ж прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму — у Віцебск, лічачы, што тут можа прынесці больш карысці.

— Перад тым, як сустрэцца з вамі, разам з Галінай Уладзіміраўнай мы праехалі па гарпасёлку, ён выглядае даволі дагледжаным, прыемна здзівіў мікрараён вуліцы Маладзёжнай, — падзяліўся ўражаннямі са школьнікамі У. У. Цярэнцьеў. — Новыя жылыя дамы, тратуары, дарогі — усё для людзей. І работы ў гэтым напрамку абавязкова будуць працягнуты. Вы скажаце, гэтага недастаткова, і ў нейкай ступені будзеце правы. Асноўнае пытанне, на якое нам сёння неабходна знайсці адказ, — што трэба рабіць дзяржаве для таго, каб моладзь, атрымаўшы адукацыю, вярталася ў рэгіёны і развівала іх?
Бясспрэчна, будучыня краіны — за моладдзю. Якой яна будзе, у многім залежыць ад кожнага маладога чалавека, яго актыўнай грамадзянскай пазіцыі. У гэтым кантэксце У. У. Цярэнцьеў не мог абысці тэму масавых беспарадкаў на вуліцах сталіцы, удзельнікамі якіх, на жаль, часта становяцца маладыя хлопцы і дзяўчаты. Яны лёгка паддаюцца гучным заклікам і накіроўваюцца на плошчы, толкам не ўсведамляючы сапраўдных матываў усяго таго, што адбываецца, і не разумеючы сутнасць сваіх дзеянняў і эмоцый. У нашай краіне ёсць шмат разнастайных праектаў, акцый і цікавых мерапрыемстваў, куды можна накіраваць усю сваю энергію і праявіць свае здольнасці…

У завяршэнне сустрэчы Уладзімір Уладзіміравіч выказаў упэўненасць, што кожны, хто на ёй прысутнічаў, знойдзе ў жыцці верную дарогу, застанецца патрыётам сваёй краіны, будзе шанаваць і берагчы мір і стабільнасць у грамадстве. А школьнікам, якім споўнілася 14 гадоў, выпаў гонар атрымаць з рук старшыні абласнога Савета дэпутатаў кнігу «Я — грамадзянін Беларусі!». Не застаўся без падарунка і шаноўны госць. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А. У. Піскунова, якая ў вольны час займаецца вырабам арыгінальных лялек, падарыла Уладзіміру Уладзіміравічу адну са сваіх работ.

Падчас знаходжання ў Бешанковічах шырокі круг пытанняў У. У. Цярэнцьеў абмеркаваў са старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў. Гаворка, якая адбылася ў райвыканкаме, ішла аб унясенні паправак у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, у Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, аб важнасці ўдзелу ў дадзеных працэсах радавых грамадзян краіны.

Як вядома, у цяперашні час Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь збірае прапановы па зменах у асноўны закон краіны. Ва ўсіх рэгіёнах ствараюцца і працуюць дыялогавыя пляцоўкі. І гэта правільна, бо ў аснове любых пераўтварэнняў і рухаў наперад павінен ляжаць канструктыўны дыялог. На адной з апошніх нарад па актуальных пытаннях Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка адзначыў, што важна слухаць і чуць розныя пункты гледжання. Вынікам жа абмеркаванняў стане выпрацоўка канкрэтных прапаноў, якія будуць вынесены на Усебеларускі народны сход. Дарэчы, калі ў вас ёсць што сказаць наконт будучых змяненняў у Канстытуцыі, дасылайце вашы прапановы ў райвыканкам (эл. адрас: beshrik@vitebsk.by) або ў рэдакцыю (эл. адрас: zarabesh@yandex.ru).

За круглым сталом у райвыканкаме гучала шмат меркаванняў, якія тычацца далейшага грамадска-палітычнага жыцця краіны. Ці патрэбныя сёння дэпутаты сельскіх Саветаў дэпутатаў? Якая роля інстытута старэйшын у вырашэнні праблем людзей? Прызначаць або выбіраць старшыняў выканкамаў? Ці неабходна пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады? А, можа, варта развіваць у краіне шматпартыйную сістэму? Адкрытых пытанняў пакуль шмат. Але дзе, як не ў дыялогу, нараджаецца ісціна? Размова ж, трэба адзначыць, атрымалася максімальна адкрытай, па яе выніках усе прыйшлі да адзінай высновы — якімі б пераўтварэнні ні былі, яны павінны спрыяць развіццю краіны, рэгіёнаў, паляпшэнню дабрабыту беларусаў.

На шчасце, у Беларусі вельмі шмат людзей, якія жадаюць унесці свой уклад у яе працвітанне. Імкненне быць карыснымі грамадству і дзяржаве аб’ядноўвае членаў рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». У Бешанковіцкім раёне іх ужо больш за 370 чалавек.

У пятніцу ў раённым цэнтры культуры адбылася VI справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА «Белая Русь». Вітаючы яе ўдзельнікаў, У. У. Цярэнцьеў (Уладзімір Уладзіміравіч узначальвае абласную арганізацыю аб’яднання) адзначыў, што «Белая Русь» з’яўляецца адной з самых сур’ёзных структур грамадзянскай супольнасці, якая здольна мабілізаваць людзей на рашэнне складаных задач дзяржаўнага будаўніцтва, кансалідаваць шматлікія ініцыятывы. У мудрасці і вопыце, якія сканцэнтраваны ў «Белай Русі», сёння мае патрэбу моладзь. Ёсць у нашым грамадстве сацыяльныя групы, у якіх адсутнічае адэкватнае ўяўленне пра рэчаіснасць. З імі таксама трэба працаваць… У цэлым жа ідэалагічным стрыжнем «Белай Русі» была і застаецца падтрымка палітыкі Прэзідэнта Беларусі, дзейнасць арганізацыі не засяроджваецца вакол барацьбы за ўладу. Гэта тлумачыць, чаму «Белая Русь» не перарасла ў палітычную партыю. Відавочна, што партыйная сістэма ў краіне павінна сфарміравацца, а не быць створана штучна. На гэта патрэбны час, каб партыі адлюстраваліся ў свядомасці людзей не толькі як арганізацыйныя структуры з назвай і лідарам, а асацыяваліся з праграмай і канкрэтнымі дзеяннямі. «Белая Русь», па словах У. У. Цярэнцьева, рухаецца менавіта ў такім накірунку.

У ходзе канферэнцыі была заслухана справаздача аб рабоце РА РГА «Белая Русь» у 2020 годзе, разгледжаны шэраг арганізацыйных пытанняў, а таксама абраны новы старшыня раённай арганізацыі. Ім стала намеснік старшыні райвыканкама Т. І. Ждановіч. У адрас экс-старшыні арганізацыі А. У. Буйлова прагучалі словы падзякі за работу, Таццяна Іванаўна ж прымала віншаванні з атрыманнем новага статусу. Узяўшы слова ў адказ, яна адзначыла, што расцэньвае сваё абранне як вялікую адказнасць і прыкладзе ўсе неабходныя намаганні для развіцця раённай арганізацыі «Белай Русі».

Святлана ВАРОШКА.

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *